"СССР як калыска і магіла" - фрагменты
Зрэшты, спадчыньнікі ёсьць ня толькі ў «крымінальнікаў». Ёсьць яны і ў «ВЧК, ГПУ, ОГПУ, НКВД, НКГБ, МГБ, КГБ». Нагадаю, у Беларусі нават назву мяняць не спатрэбілася – быў КГБ і ёсьць КГБ, хаця да яго дадаліся іншыя аббрэвіятуры - СБП, ГУБАЗІК, АМАП, САБР, ДФР. Рэпрэсіўныя структуры колькасьцю ў сотні тысяч чалавек. Дык ці так ужо мёртвы СССР, пытаюся я? Крошка вампір, які нарадзіўся ў 1918, адрасьціў шмат хабаткоў.
У 1930-х СССР на поўных парах ішоў да вайны. Жаданьне сусьветнага камуністычнага панаваньня, выказанае яшчэ Ленінам, нікуды не сышло.
Паводле падлікаў гісторыкаў, гістарычная авантура пад назваю «СССР» забрала ад 100 да 150 млн. чалавечых жыцьцяў. Гэта г.зв. страты наўпрост – без падліку страт ускосных. На гэтую крывавую ахвяру склаліся грамадзянская вайна, ленінскія чысткі і расстрэлы, «Чырвоны тэрор» 1920-х, «Вялікі тэрор», калектывізацыя і Галадамор 1930-х. Бяздарна праведзеная СССР Другая сусьветная вайна, выйграная праз горы трупаў, калі бяззбройных неабвучаных людзей бралі ў войска і гналі на сьмерць, лакальныя войны і канфлікты СССР (Афганістан і інш.) Пытаньне, якое цяпер займае многія розумы ў нашай частцы сьвету – ці зьяўляецца СССР расейскім праектам – такім, як Маскоўскае царства, Расейская імпэрыя, сучасная РФ? Шмат што паказвае: так, гэта адзін з праектаў гістарычнай Расейскай імпэрыі, якая зноў у нашыя дні яўляе свой бляск і ўпадак.
Двухгаловы СССР – беларускі і расейскі рэжымы – працягваюць сваё крывавае жніво, падпальваючы лакальныя войны і канфлікты па пэрымэтры сваіх тэрыторый.
Зло перамагае, зло лікуе і злацешыцца. Тыя, хто ляжыць у безыменных магілах у сотнях беларускіх урочышчаў, такіх, як Курапаты, скончылі сваё кароткае жыцьцё ў невыносных пакутах, зь немым крыкам. Тыя, хто іх страляў, у вялікай масе сваёй дажылі да пэрсанальных пэнсій, да 80-100 год. Жонка гэбіста, прыпісаная да паліклінікі КГБ у 1990-х, расказвала мне, што гэтыя дзядулі і бабулі з 1930, 1940, 1950 гадоў усё яшчэ жывыя, дбаюць пра сваё здароўе, дыхтоўна апранаюцца і малююць вусны ў чырвоны колер. Са злобнымі вочкамі і памаляваныямі вуснамі яны прыходзілі дамагацца найлепшага лячэньня ў недаступную іншым сьмяротным паліклініку КДБ. Цяпер, канечне, і па іх загінуў сьлед. Але беспакаранасьць зла сьцьвердзіла, што тысячы іх спадчыньнікаў пасьля падзеньня СССР, у 1996-2020 (і асабліва ў 2020-м!) працягнула кіпучую чэкісцкую дзейнасьць так, нібыта СССР і не паміраў. На Акрэсьціна па калідорах плыла з камэраў кроў, а крыкі былі чутны на сотні мэтраў вакол гэтага гулагу.
З эсэ Святланы Курс "СССР як калыска і магіла"